Перайсці да асноўнага зместу
How do I know that I can trust this page?
This story is a copy of an article from <a href="https://www.svaboda.org/" class="snap-trust-header__sitelink">Радыё Свабода</a>. It is delivered to you from a trusted archive to assure its availability over time.

View the article source

Зьняволенага журналіста Кірыла Пазьняка выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі

Кірыла Пазьняк, архіўнае фота

Журналісту, палітвязьню Кірылу Пазьняку стала лепей, яго перавялі з рэанімацыйнага аддзяленьня шпіталя хуткай дапамогі ў мэдычную частку менскага СІЗА№ 1, дзе лячэньне працягваецца.

Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, дасьведчаная ў справах палітвязьня, якая прасіла не называць яе імя з прычынаў бясьпекі. Паводле крыніцы, ліст ад Кірыла Пазьняка з гэтай інфармацыяй быў атрыманы некалькі дзён таму.

«Так, яму было вельмі дрэнна напярэдадні суду, паведаміў у лісьце, што ня мог дыхаць, у шпіталі хуткай дапамогі ляжаў у рэанімацыі. Цяпер яму лепей, ужо ў мэдычнай частцы ізалятару. Але лячэньне лёгкіх працягваюць», — паведаміла крыніца, спаслаўшыся на ліст Кірылы Пазьняка.

Паводле крыніцы, журналіста вінавацяць у «арганізацыі экстрэмісцкага фармаваньня» і «дыскрэдытацыі Беларусі».

Суд над Пазьняком мусіў быў пачацца 14 траўня, але быў адкладзены і час новага паседжаньня не прызначаны, паведаміла крыніца.

Журналіст Кірыла Пазьняк быў затрыманы 4 верасьня 2025 году. Разам з Кірылам затрымалі яго дачку, Яніну Пазьняк, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пра тое, што Кірыл Пазьняк патрапіў у шпіталь з пнэўманіяй пасьля перанесенага раней каранавірусу 22 траўня паведаміла ягоная былая жонка Алена. Паводле жанчыны, гэта адбылося месяц таму.

«Прашу зрабіць тых, ад каго гэта залежыць, усё, каб захаваць чалавечае жыцьцё», — заклікала Алена на сваё старонцы ў Фэйсбуку.

З адмысловым зваротам у падтрымку беларускага журналіста Кірыла Пазьняка 26 траўня зьвярнулася міжнародная арганізацыя Рэпарцёры бяз межаў(Reporters sans frontières, RSF).

«RSF глыбока занепакоеная станам здароўя журналіста Кірылы Пазьняка, шпіталізаванага ў цяжкім стане пасьля больш як 8 месяцаў зьняволеньня. Улады павінныя неадкладна забясьпечыць яму доступ да належнай мэдычнай дапамогі і спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў», — паведаміла арганізацыі.

Журналіст Кірыла Пазьняк стаў вядомы ў канцы 2010 гадоў, калі на сваім YouTube-канале пачаў арганізоўваць дэбаты паміж прадстаўнікамі розных палітычных плыняў.

У 2021–2022 гадах YouTube-канал"Плятформа 375″ правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Адным зь вядучых дэбатаў быў Кірыла Пазьняк.

Ва ўступным слове ён сказаў, што дэбаты патрэбны для стварэньня «дыялёгавай пляцоўкі, каб апанэнты маглі хаця б пачуць адзін аднаго».

Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 году з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Менску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.

У дачыненьні да дачкі Кірыла Пазьняка Яніны Пазьняк завялі крымінальную справу за ўзаемадзеяньне з «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляла «Вясна».

Паводле праваабаронцаў 14 траўня Яніну Пазьняк мусілі судзіць разам з бацькам. Гэта ж Свабодзе паведаміла і крыніца, якая расказвала пра Кірыла Пазьняка.

4 верасьня 2025 году КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» YouTube-канал Кірыла Пазьняка «Плятформа 375», 11 верасьня такімі ж былі абвешчаныя афіляваныя з ім акаўнты ў сацыяльнай сетцы TikTok.


    Тэмы гэтага артыкулу

    View the original article